Калыханкі

Беларускія калыханкі са словамі. Слухаем, вучым, спяваем.

Доўгі дзень
Знікла сонейка
Змрок ляжыць навокал
Спiць над лесам аблачынка
Дзед-Барадзед ХІТ
Ноч рассыпала зораў вагні
Будзільнік
Ціха ноч ступае
Залюляю, як кахаю
Кожны вечар
Сьпі, мая кветачка
Калыханка для вулкана
Усё для цябе, мая дачка
Cпі, дзяўчынка-малайчынка
Спяць натомленыя цацкі (бонус-трэк)

Доўгі дзень

Словы Генадзя Бураўкіна
Музыка Васіля Раінчыка

Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.

Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай. (2 разы)

Пакрысе
На расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гулі ўсе,
Казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спяць і мышкі і стрыжы.
Спяць машыны ў гаражы
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.

Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай. (2 разы)

Спяць і мышкі і стрыжы.
Спяць машыны ў гаражы
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.

Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай. (2 разы)

Знікла сонейка

Словы Леаніда Пранчака
Музыка Леаніда Захлеўнага

Знікла сонейка, і ўраз
Яснавокі дзень пагас.
Па сцяжынцы і наўзбоч
З-за пагоркаў крочыць ноч.

А пад падушкай
Сон прылёг на бачок.
Баю-бай, дачушка,
Баю-баю, сынок.

Па-над рэчкай дрэмле бор
У чаканні першых зор.
Гасне позняя зара,
Нам з табою спаць пара.

А пад падушкай
Сон прылёг на бачок.
Баю-бай, дачушка,
Баю-баю, сынок.

Змрок ляжыць навокал

Словы Артура Вольскага

Змрок ляжыць навокал,
Як гушчар лясны.
Да сцямнелых вокнаў
Падыходзяць сны.

Спаць усім належыць
На зыходзе дня.
Недзе ў Белавежы
Дрэмле зубраня.

Між ялін кашлатых
У сваім дупле
Спяць ваверчаняты
Ў цішыні, ў цяпле.

I крыклівай сойцы,
Што ў гняздзечку спіць,
Аж да ўсходу сонца
Дзетак не будзіць.

За вакном мільгае
Зорак карусэль,
Ён табе міргае,
Зорны карабель.

Спяць у лузе краскі, —
Ты чаму не спіш?
Можа, сёння ў казку
Ў сне ты паляціш...

Спiць над лесам аблачынка

Словы Леаніда Пранчака
Музыка Дзмітрыя Яўтуховіча

Баю-баю, люлi-люлi...
Гэта песенка матулi.
Закрывайце, дзеткi, вочы,
Добрай ночы, добрай...
Добрай ночы, добрай ночы.

Спiць над лесам аблачынка.
Засынай, мая дзяўчынка.
Добрай ночы, добрай ночы,
Засынай, мой любы хлопчык.

Дзед-баюн не спачывае,
Калыханку дзеткам бае.
Засынайце, калi ласка,
Вам прыснiцца ў ночы...
Вам прыснiцца ў ночы казка.

Спiць над лесам аблачынка.
Засынай, мая дзяўчынка.
Добрай ночы, добрай ночы,
Засынай, мой любы хлопчык.

Дзед-Барадзед

Словы Артура Вольскага
Музыка Леаніда Захлеўнага

Я хаджу па белым свеце
I гляджу, як вы жывеце.
Калi трэба — памагу,
Бо я ўсё рабiць магу.

Хто я? Дзед-Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у цiхi час
Завiтаў да вас.

З вамi побач буду ўсюды,
Трэба цуды — зробiм цуды,
Трэба казка — раз, два, тры,
Вось i казка вам, сябры!

Вечарамi казкi баю,
Я ў запасе шмат iх маю.
А як прыйдзе казка ў сне,
Зноў кажыце: дзякуй мне…

Я хаджу па белым свеце —
Ваш найлепшы сябар, дзецi,
I вядома нават мне,
Што вы бачыце ўва сне.

Ноч рассыпала зораў вагні

Словы Наталлі Арсенневай
Музыка Алесі Ўнукоўскай

Ноч рассыпала зораў вагні,
Ў сінім небе яны патанулі.
Вее сон над прасторам зямлі,
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.

З срэбных зораў, з чырвоных агнеў
Упляту я праменны вяночак,
Над галоўкай завешу тваёй,
Люлі, люлі, засьні, мой сыночак.

Нібы плачучы, ў кропельках сьлёз
Прыгажуньні-бярозы паснулі;
Гэта ў пэрлы прыбраў іх мароз.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі.

Тыя пэрлінкі-сьлёзкі зьбяру,
Наніжу з іх пяцёркаў шнурочак
I на шыйку завешу тваю.
Люлі, люлі, засьні, мой сыночак...

Сее ночка чароўныя сны
Над палямі зямелькi-матулі.
Сьніць усё... Сьні-ж аб сонцы і ты...
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі...

З срэбных зораў, з чырвоных агнеў
Упляту я праменны вяночак,
Над галоўкай завешу тваёй,
Люлі, люлі, засьні, мой сыночак.

Будуць зоркі малому сьвяціць,
Будзе з імі маленькі гуляць,
Будуць сны залатыя дарыць.
Люлі, люлі, мой сыночак.

Будзільнік

Словы Рыгора Барадуліна
Музыка Зьміцера Вайцюшкевіча

Закруціў будзільнік вус.
Перастаў гудзець гудок.
Прытаміўся хлусіць хлус.
Лёг мядзьведзь на левы бо.

Свой пакінуў сонны трон
Сонаў сын, самотны сон.
Не спыняецца нідзе,
Добрых дзетак спаць кладзе.

Каб шукаць патайны клад,
Запаліла ноч ліхтар.
Вечар зьбег за далягляд.
Спаць плывуць чароды хмар.

Калыхаў калыску дзед
І заснуў, як немаўля.
Спаць уцёк заечы сьлед.
Сьпяць нябёсы, сьпіць зямля.

Ціха ноч ступае

Словы Рыгора Барадуліна
Музыка Зьміцера Вайцюшкевіча

Ціха ноч ступае
З зорнаю сявенькай.
Па сінім Дунаі
Дзед плыве сівенькі.
А вязе ён кадку,
Мёд салодкі ў кадцы,
Кожнаму дзіцятку
Па цікавай казцы.
Мёдам вочкі мажа,
Доўга казку кажа.
А гэтага дзеда
Дзеткам трэба ведаць.
Не рыпяць завесы,
Калі зойдзе ў хату.
Добрым сном завецца
Дзядок барадаты.
Ты, дзядок, у лодку
Забірай Ілонку.
Няхай засынае на сінім Дунаі.
Як засьне, да мамы
Завязі малую.
Хвалі б’юць памалу,
Месячык вяслуе.
Лю-лі-лю-лі, лодка.
Засынай, Ілонка.
Лю-лі-лю-лі,
Зоранькі паснулі...

Залюляю, як кахаю

Словы Уладзіміра Някляева
Музыка Зьміцера Вайцюшкевіча

Як неба люляе аблокі,
Як возера хвалі люляе,
Дрыготка, пяшчотна, высока
Цябе калышу-калыхаю.

Я цябе закалышу,
Як калыша Бог душу,
Залюляе, залюляю,
Як кахаю, як кахаю.

Як лісьце з азяблага вецьця
Ляцяць, залюлянае ветрам,
Як месяц, як месяц, як месяц
Плыве, залюляны, на ветах.

Як неба аблокі калыша,
Як возера хвалі люляе,
Як музыка доўжыцца цішай,
Калі ўжо зьнікае, зьнікае.

Кожны вечар

Словы Алеся Камоцкага
Музыка Зьміцера Вайцюшкевіча

Кожны вечар так бывае —
Надыходзіць сон.
Мружыць вочкі пачынае
Няўмольна ён.

Сьпіце, сьпіце, лялькі-цацкі,
Сьпі, мой кот Максім.
Сьпі, матуля, разам з таткам,
Добрай ночы ўсім.

Сьпяць званкі ў тэлефоне,
У кране сьпіць вада,
Са зьдзіўленьнем пакемоны
Сны свае глядзяць.

Сьпіце, сьпіце, лялькі-цацкі,
Сьпі, мой кот Максім.
Сьпі, матуля, разам з таткам,
Добрай ночы ўсім.

Ля канапы сьпіць газэта,
На сьцяне — партрэт.
Сон пануе, непрыкметна
Паглынуўшы сьвет.

Засынаюць лялькі-цацкі,
Спаць кладуся я.
Сьпіць ужо нарэшце цалкам
Нашая сям’я.

Сьпі, мая кветачка

Словы Алеся Камоцкага
Музыка народная

Сьпі, мая кветачка,
Любая дзетачка,
Люльку пад грушаю
Ветрык пагушкае.

Мамка ў полі жне,
Татка валы пасе.
Татка пасе ўвесь дзень
І да цябе ня йдзе.

Мамка ў полі жаць,
Цябе ня можа ўзяць,
Сьпі, мая кветачка,
Любая дзетачка.

Сьні свой салодкі сон,
Сьні свій чароўны сон.
Дзетка ўсьміхаецца —
Сон падабаецца.

Калыханка для вулкана

Словы Арцёма Кавалеўскага
Музыка Зьміцера Вайцюшкевіча

Cпi-заснi, Вулкан-анёлак,
Крыльцамi не руш;
Ноч з усiх сваiх абновак
Возьме капялюш,
Апране яго, i раптам
Стане цёмным свет,
Ну а месяц, ейны братка,
Апране берэт,
Што сатканы з ясных зорак
I нябесных руж;
Сьпi-заснi, Вулкан-анёлак,
Крыльцамi не руш.
Спiць зямля i спяць нябёсы,
Свет да ранку змоўк,
Дрэмле сычык гарбаносы,
Спiць у лесе воўк;
Спяць у кожнай хаце дзецi,
Бачаць казкi-сны,
Спiць усё ва ўсiм сусвеце,
Спi i ты, заснi.

Усё для цябе, мая дачка

Словы і музыка гурта Recha

Да цябе я пішу, для цябе,
Першы ліст да анёла на неба,
Адчыніла ты сэрца маё,
I канешне ён гэта ведаў.

Для цябе я пяю, для цябе,
Каб спакойна хвілінка заснула,
Твой анёл падыходзіў у сне,
Ты рукой яго ціха кранула.

Усё для цябе, мая дачка —
Уся зямля і крышачку Марса,
Усё для цябе, маё дзіця,
Нават расказы дзядзькі Хармса.

Усё для цябе, маленькі анёл —
Кактусы, кветкі квітнеюць у аконцы,
Смаку банана панадол,
Соні Плэйстэйшен ад японцаў.

Да цябе я іду, для цябе —
Першы крок па даросламу шляху,
I канешне, лягчэй прамаўчаць
Ці паставіць што-небудзь Баха.

Для цябе я стаю, для цябе
У халодную зімку на плошчы,
I хачу надыхода вясны,
I хачу глядзець табе ў вочы.

Cпі, дзяўчынка-малайчынка

Словы Валянціны Аколавай

Cпі, дзяўчынка-малайчынка!
Вырастай — хутчэй.
Кацярына-Кацярынка,
Ноч — каля вачэй.
Сон з падушкі — не скрані.
Лён-кашульку апрані.
Мамачку — прысні.
Спі, дзяўчынка-малайчынка.
Пад падушкай — дзень.
Кацярына-Кацярынка,
Расці-маладзей.
Сон з падушкі — не скрані,
Лён-кашульку апрані.
Бацечку — прысні.
Спі, дзяўчынка, малайчынка,
3 сонцам рана ўстань.
Кацярына-Кацярына,
Вырастай да пань!
Сон з падушкі — не скрані.
Лён-кашульку апрані.
Беларускі край прысні.
Баю-бай! Спачывай!
Што благое — прамінай!

Спяць натомленыя цацкі

Словы Зоі Пятровай
Музыка Аркадзя Астроўскага
Пераклад Васіля Жуковіча

Лялькі, кніжкі спяць і птушкі, —
Дзень прайшоў.
Зачакаліся падушкі
Малышоў.
Нават казка спаць лажыцца,
Каб уночы нам прысніцца,
Ты ёй пажадай
Баю-бай.

Можна ў казцы пакатацца
На кітах,
На вясёлцы праімчацца
На катах,
І сланятка ўзяць за вушкі,
І злавіць пяро жар-птушкі.
Вочкі закрывай,
Баю-бай.

Баю-бай, павінны людзі
Ноччу спаць.
Люлі-люлі, заўтра будзе
Сонца ззяць.
Адпачынку хочуць вочы,
Скажам мы: «Спакойнай ночы!»
Веечкі стуляй,
Баю-бай.



Больш калыханак шукайце на дысках.

Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Калыханкі
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra — Калыханкі
Беларускія народныя казкі і калыханкі — Ехаў казачнік Бай
Беларускія народныя казкі і калыханкі — Ехаў казачнік Бай
2017  
2 каментара
Мікалай Жыхарэвіч

Вялікі дзякуй!

Таццяна Смыкоўская

Дзякуй вялікі!